Грошы валяюцца на зямлі
2010-06-09 14:00
Артур Сцешыц, навучэнец Салігорскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча будаўнікоў №72, праблему летняга заробку вырашыў для сябе даўно.Артур жыве ў вёсцы Горка Салігорскага раёна з мамаю і малодшай сястрою, адзіны мужчына ў сям'і. Пасля вучобы на лета прыязджае дадому. Грошы валяюцца на зямлі, трэба не ленавацца і збіраць іх, — кажа ён. — У кожным падвор'і безліч металічных непатрэбных рэчаў. Многа жалеза на ўзмежках палёў, на берагах каналаў, на адхонах дарог. Мінулым летам я здаў металу больш чым на 250 тысяч, у гэтым годзе назбіраў не меней. А яшчэ летам ягады і грыбы. Летась я штодзень збіраў не меней 8 -10 кіло.Артура абяцалі ў вучылішчы адправіць на практыку ў будаўнічую арганізацыю.
Дапамога Салігорскаму прыюту прыйшла ад людзей
2010-06-09 14:06
Разнастайныя рэчы агульным коштам каля двух мільёнаў рублёў сабралі ў Салігорску за тыдзень актывісты грамадскага аб'яднання «Дом на скале». Усё сабранае было перададзена Салігорскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру (прыюту). Калі спатрэбіліся дадатковыя грошы на ўтрыманне абяздоленых дзяцей у Салігорскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры, яго супрацоўнікі пайшлі ў людзі. Адгукнуліся актывісты грамадскага аб'яднання «Дом на скале». Яны на працягу цэлага тыдня дзяжурылі пры ўваходзе ў магазін «Карзінка» (былы ўнівермаг №35 па вуліцы Заслонава) і тлумачылі людзям, што трэба дапамагчы дзецям неабходнымі матэрыяламі штодзённай патрэбы. І людзі адгукаліся. Яны куплялі розныя рэчы, неабходныя для пражывання, і пры выхадзе з магазіна складвалі ў спецыяльны кошык.